Saturday, January 28, 2012

Гісторыя Дэб. "Ён прад'явіў мне ультыматум"


Дэб (ЗША)
Я  нават  уявіць  сабе  не  магла,  што  надыдзе  такі  дзень,  калі  я  змагу  камусці  расказаць  пра  ўсё  тое,  праз  што  я  прайшла.  Я  была  ў  псіхалягічнай  кансультацыі  шмат  разоў,  і  зараз,  нарэшце,  спрабую  разабрацца  ва  ўсіх  пачуццях,  якія  я  мела  са  жніўня  1986  году.  У  мяне  было  такое  адчуваньне,  як  быццым  бы  я  зноў  і  зноў  адчувала  ўсё  гэтае. 

Я  была  замужам  і  на  працягу  2-х  гадоў  прымала  пігулкі,  лякуючы  бясплоддзе,  перш  чым  зацяжарыць  і  нарадзіць  ў  снежні  1985  году  двух  здаровых  двайнят  -  хлопчыка  і  дзяўчынку  (пэўныя  лекі,  што  выкарыстоўваюцца  пры  лекаваньні  бясплоддзя,  спрыяюць  з'яўленьню  шматплоднай  цяжарнасці). 

Думка  пра  тое,  што  я  магу  зноў,  бяз  усялякіх  намаганьняў,  зацяжарыць,  нават  у  голавы  нам  не  прыходзіла!  Але,  калі  ў  ліпені  1986  году  я  даведалася,  што  я  сапраўды  чакаю  дзіцяці,  мае  пачуцці  немагчыма  было  пераказаць.  Майму  мужу  даводзілася  цяжка  з  двайнятамі,  ды  і  я  адчувала  сябе  змучанай,  спрабуючы  працаваць  на  поўную  стаўку,  а  пасля  працы  яшчэ  і  клапаціцца  ў  хаце,  аб  дзецях,  і  г. д.  Ён  прад'явіў  мне  ультыматум:  выбірай,  альбо  дзіця,  альбо  я...  А  тое,  што  потым  здарылася,  было,  на  мой  погляд,  горшым  месяцам  майго  жыцця!  Я  жадала  нарадзіць  гэтае  дзіця,  але  баялася,  памятаючы  пра  пігулкі  ад  бясплоддзя,  асцерагаючыся  яшчэ  адной  шматдзетнай  цяжарнасці  ды  родаў.  Калі  я  даведалася,  што  цяжарная  без  аніякіх  высілкаў  з  майго  боку,  то  ў  мяне  было  такое  пачуццё,  быццам  Бог  зрабіў  мне  падарунак.  А  з  іншага  боку,  як  я  адна  змагла  б  пракарміць  сябе  ды  траіх  сваіх  дзяцей?  Я  была  як  бы  ў  пастцы,  і, у  рэшце  рэшт,  здалася  ды  выканала  ягоныя  патрабаваньні...  

Мая  маці  была  самотнайю,  да  таго  ж  алкаголічкаю;  яна  памерла,  калі  мне  яшчэ  было  шэсць  гадоў.  Мяне  ўдачарылі  ва  ўзросце  восем  гадоў,  і  я  пражыла  наступныя  дзесяць  гадоў  у  атмасферы  пастаянных  абразаў;  фізічныя,  сэксуальныя  і  эмацыйныя  абразы  ды  прыгнёт  былі  звычайнаю  справаю...  Мне  далі  ўсё,  што  можна  купіць  за  грошы:  прыватная  школа,  новае  адзеньне,  "усё  самае  лепшае",  але  за  грошы  нельга  купіць  любоў  і  "сям'ю",  пра  якія  я  марыла.  І  я  ўцякла,  і  згубіла  некалькі  гадоў,  спрабуючы  зноў  наладзіць  сваё  жыццё...  Гэты  шлях,  мякка  кажучы,  ня  быў  усеяны  ружамі,  тройчы  я  спрабавала  "скончыць  з  усім ",  але,  як  аказалася,  я  выжывала.  А  сустрэць  мужчыну,  які  "сапраўды  мяне  пакахае",  -  гэтага,  як  я  думала,  ніколі  ня  здарыцца.  І  калі  гэта  ўсё  ж  здарылася,  то  я  ўчапілася  з  усёй  моцы,  на  ўсё  жыццё!  

Так,  гэта  цяжкі  шлях,  але  я  знаходжу  новыя  спосабы  змагацца  ды  шукаць  выйсце  з  гэтага...  Я  праліла  шмат  слёзаў,  я  плакала  пра  сябе,  пра  дзіця,  і  пра  тыя  жыцці,  што  загубленыя  праз  аборты.  Я  была  злая  на  ўрад,  як  яны  маглі  зрабіць  легальнаю  гэтую  працэдуру?  І,  лекары,  як  яны  могуць  рабіць  гэтую  аперацыю?  Мне  пашанцавала,  што  побач  са  мной  пры  гэтым  быў  мой  лекар,  ён  дапамог  мне  даць  рады  з  бясплоддзем,  дапамог  мне  нарадзіць  маіх  дзяцей...  Яго  дабрыня  мне  вельмі  дапамагла.  Я  не  магу  сабе  ўявіць,  як  бы  я  перажыла  усё  тое,  праз  што  я  прайшла,  калі  б  побач  былі  незнаёмыя  людзі! 

Шмат  гадоў  я  баялася  помсты  Бога...  Думка  аб  тым,  што  Ён  забярэ  ў  мяне  маіх  дзяцей  усё  яшчэ  перасьледуе  мяне.  Я  "ведаю",  што  Бог  усё  можа  дараваць,  але  ў  душы  я  ўсё  яшчэ  баюся ,  вось  тое,  што  я  цяпер  адчуваю...  Я  ведаю,  што  Богу  ўсё  магчыма.  Я ведаю,  што  я  ніколі  не  змагу  забыць  боль  і  тугу  з-за  страты  гэтага  дзіцяці,  але,  я  спадзяюся  на  Ягоную  дапамогу,  на  тое,  што  я  змагу  паверыць  Яму,  і  што  гэта  дапаможа  мне  дараваць  самой  сабе.  Я,  на  самой  справе,  адчувала  сябе  страчанай,  ды  паняцця  ня  мела,  куды  пайсці,  ці  як  сабе  дапамагчы.  Адзін  з  сайтаў  супраць  абортаў,  дзе  знаходзіцца  дапаможны  матэрыял  для  жанчын,  якія  перажылі  аборт,  даў  мне  інфармацыю,  сілу,  падтрымку  і  адвагу,  каб  працягваць  жыццё,  працаваць  над  сабою  і  спрабаваць  зрабіць  маё  жыццё  "годным  таго,  каб  жыць".  А  жыць  сапраўды  варта!  

Папулярныя артыкулы