Wednesday, June 1, 2022

Я нарадзілася падчас аборту

Джана Джэссэн (ЗША)

 … Я ўсыноўленая. Маёй біялагічнай маці было 17, як і майму біялагічнаму бацьку.

Мая маці вырашыла пайсці ў "Planned Parenthood" (Планаванае Бацькоўства) - самы вялікі абартарый, на сёмым з паловай месяцы цяжарнасці, і ёй параілі зрабіць солевы аборт на познім тэрміне. Солевы раствор уводзіцца ва ўлонне маці, дзіця глынае раствор, раствор выпальвае дзіця знутры і звонку, і маці павінная нарадзіць мёртвага дзіцяці на працягу 24 гадзінаў.

...Да ўсеагульнага вялікага здзіўлення і шоку я нарадзілася не мёртвай, а жывою. 6 красавіка 1977 года ў клініцы Лос-Анджэлеса. Самае фантастычнае ў гэтым часе майго нараджэння заключаецца ў тым, што ўрач-абарцыяніст не заступіў яшчэ на змену, таму ў яго не было нават магчымасці далей ажыццяўляць свае планы на маё жыццё - гэта значыць смерць.

...Я ведаю, што я знаходжуся ва ўрадавым будынку, у цудоўным будынку, і я люблю вашу краіну, гэтак жа як і сваю. Але я ведаю, што ў наш час зусім не паліткарэктна прамаўляць імя Ісуса Хрыста ў месцах, падобных да гэтага. Непаліткарэктна прыўносіць Яго імя ў падобныя сходы, таму што ад Яго імя людзям становіцца жудасна няёмка.

Але я выжыла не дзеля таго, каб усім было зручна. Я выжыла дзеля таго, каб разбудзіць, каб разварушыць. І я выдатна праводжу час такім чынам.

…Такім чынам, як я ўжо сказала, я нарадзілася жывою праз 18 гадзін. Я павінная была быць сляпою, я павінная была быць абпаленаю, я павінная была быць мёртваю, але гэтага не адбылося.

Ведаеце, было яшчэ адно цудоўнае сведчанне - абарцыяніст павінны быў падпісаць маё пасведчанне аб нараджэнні. Я ведаю ягонае імя. Паведамлю скептыкам, якія мяне слухаюць, у маёй медыцынскай карце пазначана "нарадзілася падчас солевага аборту", можаце праверыць... Ха! Яны прайгралі.

Я збірала звесткі пра майго абарцыяніста. Яго клінікі з'яўляюцца самай вялікай сеткай клінік у ЗША, іх даход складае 70 мільёнаў даляраў за год. Ён казаў у адным сваім звароце пару гадоў таму, што "я абортаваў больш за мільён немаўлятаў і я лічу гэта сваім запалам".

Я кажу вам гэтыя рэчы, таму што… Паслухайце, дамы і спадары, мы ўступаем у цікавую бітву ў гэтым свеце, усведамляем мы гэта ці не. Гэта бітва паміж жыццём і смерцю. На чыім вы баку?

…Такім чынам, медсястра выклікала хуткую і адправіла мяне ў лякарню, што само па сабе зусім цудоўна. Звычайнаю практыкаю таго часу (да 2002 года ў маім рэгіёне) - было спыняць жыццё выжыўшага ў выніку аборту дзіцяці. Здушыць горла, задушыць, пакінуць паміраць ці выкінуць яго.

Але 5 жніўня 2002 года прэзідэнт Буш падпісаў "Акт аб абароне дзяцей, народжаных жывымі", каб так больш не працягвалася. Вы бачыце, мы гуляем напэўна… Я спадзяюся, што да моманту маёй смерці мяне будуць ненавідзець. Каб я змагла адчуць Бога над сабою і зразумець, што гэта значыць - быць ненавідзімым. Хрыста ненавідзелі. Я не тое каб імкнуся быць ненавідзімай, я ведаю, што мяне ўжо ненавідзяць, таму што я змагаюся за жыццё. Я кажу: вы не злавілі мяне, нямы халакост не перамог мяне.

Мая місія, дамы і спадары, сярод шмат чаго іншага, наступная: уцягнуць чалавецтва ў гэтую дыскусію, якую мы проста забалбаталі, паставілі на паліцу, сказалі, гэта не праблема. Мы прыбралі свае эмоцыі, мы сталі больш жорсткімі. Вы на самой справе гэтага хочаце? Што вы гатовыя вынесці і на што пайсці, каб казаць праўду ў любовіі і ласцы, каб устаць, каб хаця б захацець быць ненавіднымі. Хіба ўсё ў гэтым свеце круціцца вакол вас? Ці вакол мяне?

…Пасля ўсяго гэтага мяне аддалі на тэрміновае часовае ўсынаўленне ў дом, дзе вырашылі, што не вельмі мяне любяць. Я люблю казаць, як жа вы маглі мяне не любіць з самага пачатку? Што не так з гэтымі людзьмі? Але яны не любілі мяне…

Вы бачыце, я была ненавідзіма з моманту зачацця многімі. І любіма  многімі. Але асабліва любіма Богам. Я Яго дзяўчынка. Не крыўдзіце Божаге дзіцяці. У мяне знак на ілбе, які нагадвае: будзьце мілыя са мной, таму што мой Айцец кіруе светам.

... Такім чынам, мяне забралі з дрэннага дома, і змясцілі ў іншы дом, цудоўны дом, дом Пені. Пэні кажа, што да гэтага часу мне было 17 месяцаў, я мела 14 кг “мёртвай” вагі, і ў мяне быў дыягназ, які я лічу дарам, – цэрэбральны параліч. ЦП быў непасрэдна выкліканы недастатковым забеспячэннем мозгу кіслародам у працэсе аборту.

А зараз я проста вымушаная сказаць гэта: калі аборт з'яўляецца адным з правоў жанчын, дамы і спадары, дзе былі мае правы ў той момант? Не знайшлося ніводнай радыкальнай феміністкі, якая б паднялася і закрычала аб тым, што былі парушаны мае правы, і што маё жыццё фактычна прыносілася ў ахвяру ў імя правоў жанчынаў.

Дамы і спадары, у мяне не было б цэрэбральнага паралічу, калі б я не перажыла ўсё гэта.

Таму, калі я чую агідны аргумент, што павінны быць аборты, толькі таму, што можа быць дзіця будзе інвалідам - ​​жах напаўняе маё сэрца.

Дамы і спадары, ёсць рэчы, якім вы зможаце навучыцца толькі з дапамогаю слабейшых. Калі вы знішчаеце слабых, прайграваеце менавіта вы. Гасподзь паклапоціцца аб слабых, але менавіта вы будзеце пакутаваць вечна. І якая пыха, якая дасканалая пыха ў тым, што так доўга было аргументам тое, што моцныя павінны душыць слабых, павінны вызначаць, каму жыць, а каму паміраць.

Якая ў гэтым фанабэрыстасць… Хіба вы не разумееце, што не можаце прымусіць сваё сэрца біцца?

Няўжо вы не разумееце, што ўся сіла, якой вы валодаеце - не ваша? Гэта міласьць Гасподняя падтрымлівае вас, нават калі вы ненавідзіце Яго.

… Такім чынам, яны паглядзелі на маю дарагую Пені і сказалі: "З Джаны ніколі нічога не выйдзе". Такія словы заўсёды абнадзейваюць!

І яна вырашыла не слухаць іх і займалася са мной тры разы на дзень, і я пачала трымаць галаву. Ёй казалі - Джана ніколі не будзе тое, не будзе гэта… Карацей кажучы, я стала хадзіць да трох з паловай гадоў з хадункамі і фіксатарамі на нагах…

Я стаю тут сёння, з лёгкай кульгавой, але без фіксатараў і хадункоў.

Часам я падаю грацыёзна, а часам зусім не грацыёзна, у залежнасці ад сітуацыі. Але я лічу ўсё гэта славай Божаю. Бачыце, дамы і спадары, я слабейшы ​​за многіх з вас, але гэта маё казанне.

І якая гэта малая цана за тое, каб мець магчымасць абвяшчаць свету і даваць надзею.

Я думаю, у нашым пашкоджаным светаразуменні не зразумець, якою цудоўнаю можа быць пакута.

Я адмыслова не шукаю пакуты, але калі яна прыходзіць, мы забываем, што ўсё ва ўладзе Божай і Бог можа зрабіць выдатнымі многія сумныя рэчы.

…Я сустракалася са сваёю біялагічнаю маці. Я прабачыла сваю біялагічную маці. Я хрысціянка.

Яна вельмі надламаная жанчына. Яна прыйшла на мерапрыемства, якое я праводзіла два гады таму, адразу пасля таго, як яно было абвешчана, і сказала "Добры дзень, я вашая маці".

Гэта быў вельмі цяжкі дзень, і так, я трывала ўсё гэта, вы напэўна лічыце мяне дурной, але я сядзела там і думала: Я не належу табе, я належу Хрысту. Я ягоная дзяўчынка, і я ягоная прынцэса…

Таму ўсё роўна, што ты кажаш у сваім гневе і надламанай бязмэтнай лютасьці, гэта не маё, і я не буду гэта несці. Усё гэта я казала сабе ўнутры...

На адзін момант, вельмі коратка, я хацела звярнуцца да мужчын у гэтым пакоі, і зрабіць нешта, што ніколі не робіцца.

Мужчыны, вы створаныя дзеля велічы. Вы створаны дзеля таго, каб устаць і быць мужчынамі.

Вы створаныя абараняць жанчын і дзяцей, не бяздзейнічаць. Калі вы ведаеце, што забойства гэта злачынства, няўжо нічога з гэтым не будзеце рабіць?

Вы створаныя не дзеля таго, каб выкарыстоўваць жанчын і і пакідаць нас адных. Вы створаныя быць добрымі, вялікімі, літасцівымі і моцнымі і дзеля таго, каб пастаяць за нешта.

Бо, мужчыны, паслухайце мяне, я занадта стамілася рабіць вашую працу. Жанчыны, вы створаныя не дзеля таго, каб вас выкарыстоўвалі, вы не павінны сядзець склаўшы рукі, не ведаючы сабе цану.

Вы створаныя дзеля таго, каб за вас ваявалі. Заўсёды.

Такім чынам, надышла вашая гадзіна. Якімі людзьмі вы хочаце быць?

Я мяркую - неверагоднымі, выдатнымі. Я спадзяюся, мужчыны, што вы не ляпнеце ў бруд тварам.

Палітыкам, якія мяне слухаюць, і асабліва мужчынам я б сказала наступнае: вы створаныя для велічы - далоў такую ​​палітыку.

Вы павінныя абараняць тое, што правільна і добра.

Якімі мужчынамі вы хочаце быць? Апантанымі сваёй уласнай славай, ці апантанымі славай Божай?

Надышоў час заняць пераможную пазіцыю.

Надышла вашая гадзіна. Бог дапаможа вам. Бог будзе з вамі.

У вас ёсць магчымасць уславіць і ўшанаваць Бога.

Я скончу вось чым. Некаторыя з вас, магчыма, злёгку раздражнёныя тым, што ўсё што я ад вас жадаю - каб вы казалі аб Богу і аб Ісусе. Але як бы я магла ісці накульгваючы па гэтым свеце, і не аддаць усё сваё сэрца і розум, і душу, і сілу Хрысту, Які даў мне жыццё. Таму, калі вы лічыце мяне дурной - гэта яшчэ адзін каштоўны камень у маёй кароне.

Мэта майго жыцця тут - прымусіць Бога ўсміхнуцца.

Спадзяюся, нешта са сказанага мела сэнс. Гэта ішло ад майго сэрца.

Хай захоўвае вас Божае дабраславеньне.


Папулярныя артыкулы